суббота, 15 декабря 2012 г.

Зянон Пазняк не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2015 года

Палітык абвяргае чуткі, якія з’явіліся на гэты конт, і лічыць, што ўдзельнічаць у выбарах разам з Лукашэнкам неэтычна. Чуткі маглі з’явіцца пасля ініцыявання стварэння ценявога ўрада, - мяркуе палітык.

Зянон Пазняк: Чуткі распускаюць людзі, якім проста няма чаго казаць, альбо робяць гэта з нейкай мэтай. Гэтых выбараў не павінна быць, бо гэта не выбары - гэта прафанацыя, ашуканства людзей, гэта ўжо даўно засведчана, выбараў гэтых і быць не павінна. Лукашэнка не мае ніякага права балатавацца. Няма прэзідэнтаў па 18-ць гадоў. Гэта ўсё ерунда! Усё парушана: дзяржаўныя законы, чалавечыя, міжнародныя, маральныя. Якія выбары? Ніякіх выбараў быць не павінна. Наконт таго, каб вярнуцца, адкуль гэта пайшло. У маі месяцы я выступаў і казаў, што сітуацыя настолькі небяспечная, што гэты рэжым можа абваліцца. Калі ў грамадстве няма альтэрнатывы - гэта вельмі дрэнна, таму што тады ўладу могуць падабраць нават крымінальнікі. Сам па сабе гэты рэжым не абваліцца, яго можа абваліць Масква - гэта відавочна, што яны могуць знайсці нейкую замену, гэта адчуваецца, бо ён поўнасцю ў іх руках. Таму нашае грамадства павінна быць арганізацыйна, да гэтага падрыхтаванае. Тады я аб’явіў аб стварэнні ценявога кабінета, ён ужо практычна створаны. Калі адбудуцца такія падзеі ў Беларусі, то такая арганізацыя - ценявы кабінет - павінна быць, яна павінна выступіць і ўзяць на сябе пэўныя функцыі навядзення парадку, правядзення выбараў у парламент і г.д., каб улада не валялася на дарозе, як было ў 1917 годзе ў Расіі, калі яе падабралі крымінальнікі-бальшавікі. Безумоўна, што пакуль існуе гэты рэжым, то ніхто ж не паедзе “чорту ў пашчу”. Тыя, хто гэтага не разумеў, ужо не жывуць.

РР: Вы заўсёды крытыкавалі беларускую апазіцыю, па вашаму меркаванню ўсё так дрэнна?
Зянон Пазняк: Я даволі выразна пра гэта гавару ўжо 12 гадоў. Пра тое, як гэтую апазіцыю стварылі Нямеччына з Расіяй. Гавару, што настаў час, калі яе трэба прыбраць з дарогі - гэта гнілая калода, якая смярдзіць настолькі, што ніякага зруху ў абарону незалежнасці, або дэмакратыі больш не будзе, пакуль будуць гэтыя людзі - гэта было вядома ад пачатку. Але гэта не магла зразумець грамадскасць, таму што яна жыве інфармацыяй, а не палітыкай. Цяпер гэта разумее амаль кожны беларус - гэта стала відавочна. Таму гэта было так успрынята нашай грамадскасцю, калі я даваў дзяжурнае інтэрв'ю, расказваў пра тое, як стваралася гэтая апазіцыя, якімі метадамі, якая была нямецкая палітыка, якую іграў Вік, якія грошы былі ўкладзены, які вынік. Вынік ніякі, акрамя таго, што гэта апазіцыя ўдзельнічала практычна ва ўсіх праектах рэжыму, на яе рэжым абапіраўся, як на патрэбнага коніка. Настаў час, што яе трэба прыбраць з дарогі, бо гэта фактычна структура рэжыму. Яны імітуюць барацьбу, атрымліваюць пэўныя гранты, пэўныя заданні, пэўныя грошы. Трэба з'мітаваць. Што яны робяць? Нейкі пікет, нейкі моб-шмоб, нейкую заяву, робяць фільмік на пяць хвілін, паказваюць на youtube. Ага, яны нешта робяць, апраўдваюць свае грошы. Такая імітацыя працягваецца дванаццаць гадоў - гэта маразматычная сітуацыя. Яны ўсё завалілі, яны нічога не зрабілі, няма ні малейшай перамогі, ні малейшага станоўчага выніку. Колькі ж можна? Год-два, але ж гэты маразм працягваецца дванаццаць гадоў. У выніку яны занялі месца, а гэта прадумана, якое маглі заняць сапраўдныя змагары, бо для таго, каб стварыць гэтую апазіцыю, Віку, які кіраваў усім гэтым, трэба было разбурыць Народны Фронт. Пасля таго, як яго раскалолі, я быў вымушаны ўцякаць, бо мяне б забілі - гэта ўжо было вядома. Тады стварылі апазіцыю, якую пачаў фінансаваць Захад. Яна імітавала ўсю гэтую гульню ў дэмакратыю дзесяць гадоў без вынікаў. А хто меў вынікі? Рэжым. Яны заклікалі на ўсе фальшывыя выбары, трэба каб людзі пайшлі, бо тады няма чым фальсіфікаваць. У 2004 годзе адбываўся рэферэндум аб вечным панаванні Лукашэнкі - гэта антыканстытуцыйны рэферэндум, антызаконны. Нельга хадзіць на такую крымінальную афёру, яны ж звалі-клікалі. Якім чынам? Казалі, ідзі і скажы сваё "не". Няважна, што яму скажаш, таму што галасы нават не лічаць, яны проста пішуць колькі адсоткаўпрагаласавала - у іх заўсёды 80-90%. Нельга ўдзельнічаць у гэтых афёрах. А гэтая так званая апазіцыя забеспечвала гэтую фальсіфікацыю. Цяпер пра гэта не гаворыцца, але калі будзе капацца глыбей, некаторыя з іх панясуць адказнасць - гэта з’ява сур’ёзная, таму што яна дала вельмі негатыўныя вынікі. Фактычна вось гэты маразм, які адбываецца ўвесь час, ён падрыхтаваў гуманітарную катастрофу, якую мы зараз перажываем, - гэта няшчасце. Зараз яны распаясаліся настолькі, што не хаваюць сваёй акупацыйнай прыроды. Трэба вёску выселіць з-за таго, што Лукашэнка едзе, гадзіну на зборы, не паспелі, бульдозеры падагналі, разбурылі і спалілі - так рабілі толькі нямецкія акупанты.

РР: Па вашаму ўсё выглядае такім беспрасветным, быццам нічога добрага ў апазіцыі, якая сёння існуе, няма? 
Зянон Пазняк: Нічога добрага няма, і яе трэба прыбраць, вярхушку поўнасцю, да адзінага чалавека, каб іх духу не было, каб яны не перашкаджалі болей. Пакуль яны будуць, нічога жывога не будзе, гэта мярцвячына села, і нічога жывога не прабіваецца. Таму да аднаго, там няма пазітыўных людзей, ніводнага чалавека.

РР: Беларусь - гэта краіна, якая паміж Расіяй і Еўропай, такая сфера ўплыву, хто зараз перамагае на ваш погляд?
Зянон Пазняк: У нашай барацьбе вельмі вялікую ролю адыгрывае геапалітычны фактар. Мы паміж Расіяй і Нямеччынай, паміж расійскім і нямецкім інтарэсам - гэта трэба мець на ўвазе. Калі мы маем моцную палітычную ўнутраную сілу, то мы будзем рабіць сваю палітыку. Калі яна будзе слабая, то ёй будуць маніпуляваць, выкарыстоўваць. Пасля таго, як немцы дапамаглі разбіць Народны Фронт, сіла ў нас слабая. Адбываецца маніпуляцыя паміж Нямеччынай ці Еўрасаюзам, бо гэта ўсё роўна нямецкая палітыка, і Расіяй - гэта сітуацыя небяспечная. Безумоўна, што ўсе, на Заходзе і на Усходзе, не зацікаўлены, каб была моцная, нацыянальная-дэмакратычная сіла, якая ўзяла б уладу і рабіла б сваю дэмакратычную палітыку, але сваю, без пратэктарата. У гэтым складанасць сітуацыі, што ўлічваць трэба не толькі інтарэсы Усходу, які агрэсіўны, але інтарэсы Захаду, пэўных груп. Захад не такі просты - гэта не Расія, на Захадзе ёсць шмат станоўчага, шмат людзей, якія здольныя нам дапамагаць - гэта трэба мець на ўвазе. Але генеральная палітыка, геапалітыка, якая зыходзіць з актыўных колаў Захаду, найбольш з Берліна, яна мае такі кшталт супрацоўніцтва з Расіяй, яна ўвесь час была такой, стагоддзі была такой.

РР: Ці здольная выжыць Беларусь самастойна?
Зянон Пазняк: Не трэба ўжываць такога слова - здольная, гэта само сабой. Беларусь такая краіна, якае мае настолькі шмат у сабе, у сваім грамадстве, у сваёй культуры, у сваіх рэсурсах, што яна здольна адрадзіць не толькі сваё існаванне, але і ўплыў ад Балтыйскага да Чорнага мора. Уплыў Беларусі, які быў, ён застанецца пры яе адраджэнні, ён будзе такі. Гэта не залежыць ад велічыні тэрыторыі і колькасці насельніцтва, а залежыць ад таго, што гэта такое - гэта цэлая цывілізацыя Беларусь. Вялікае княства - гэта цэлая цывілізацыя, яе знішчалі з абодвух бакоў, але яна пратрывала стагоддзі. Безумоўна, зараз сітуацыя цяжкая, таму што панішчаныя людзі. Людзей панішчылі, павыганялі, затапталі, але жыццё спыніць немагчыма, яно ідзе паступова, крок за крокам. Адзінае, што можна сказаць, жыццё кароткае - гэта дрэнна. Зараз гадзіннік працуе на будучую вольную Беларусь, не на рэжым, і не на Маскву.

Зянон Пазняк, адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту “Адраджэнне”, старшыня Кансерватыўна-хрысціянскай Партыі БНФ, доўгі час жыве за межамі Беларусі. Палітык катэгарычна абвяргае інфармацыю, якая з’явілася ў апошні час, пра яго магчымы ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года.

Крыніца: "Радыё "Рацыя"

Комментариев нет:

Отправить комментарий