пятница, 27 июня 2014 г.

Прынцып Пагоні

Апошнім часам з'явіліся паведамленні пра тое, што некаторыя апазіцыйныя сілы Беларусі маюць намер браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. «Рух за Свабоду» рыхтуе Алеся Лагвінца, «Гавары праўду» — Уладзімера Някляева, Аб'яднаная грамадзянская партыя — Анатоля Лябедзьку. Як і ў 2010 годзе, знайшліся і іншыя аматары публічнай увагі, гатовыя папесціць свае амбіцыі без належнага досведу і грамадскай падтрымкі. Не кранаючы пытання мэтазгоднасці ўдзелу ў выбарах ва ўмовах дыктатуры, у якіх перамагчы немагчыма, звяртае ўвагу наступнае. Ніхто з патэнцыйных кандыдатаў не абумоўлівае свой удзел у выбарах вызваленнем палітычных зняволеных.
 
Між тым палітычныя зняволеныя – гэта людзі, якія былі асуджаныя незаконна.
Пасля выбараў 2010 года цэлая група заўважных палітыкаў і актывістаў была прысуджаная да турэмнага зняволення. Сярод іх былі і кандыдаты на прэзідэнцтва, у тымліку Дзмітрый Вус, Андрэй Саннікаў і Мікалай Статкевіч. Патрапілі яны за краты менавіта таму, што бралі ўдзел у выбарах, а не таму, што парушылі закон.
Арышты і наступныя рэпрэсіі прывялі да маштабнага дэмантажу апазіцыйнай супольнасці Беларусі. Некранутым рэпрэсіямі застаўся толькі «Рух за Свабоду», чый лідэр Аляксандр Мілінкевіч нечакана і нелагічна адмовіўся ад удзелу ў выбарах 2010 года.
Падзеі 19 снежня 2010 года як цэласная з'ява ніколі не былі афіцыйна расcледаваныя. Абставіны таго дня і падзей на Плошчы разглядаліся на судовых працэсах фрагментамі ў кантэксце дзеянняў падсудных, але не як сукупнасць і паслядоўнасць звязаных падзей. Дзеля таго, каб схаваць цэласную карціну Плошчы, рэжым правёў некалькі асобных працэсаў замест аднаго агульнага судовага працэсу. Улады ніколі не тлумачылі гэты нелагічны падзел. У выніку, замест сапраўднага высвятлення абставінаў падзей 19 снежня і пакарання адказных за падтрыманне грамадскага парадку і яго парушэнні, улада асудзіла людзей, якія праз рэалізацыю законных правоў уяўлялі пагрозу дыктатуры Лукашэнкі. З таго часу частка зняволеных была вызвалена, частка застаецца за кратамі, як Мікалай Статкевіч і праваабаронца Алесь Бяляцкі, частка вымушана з'ехала з краіны. Многія былі абмежаваныя ў правах на вядзенне палітычнай дзейнасці. Здаецца, у гэтых умовах рэшткі апазіцыі павінны аб'яднацца і дамагчыся ад уладаў вызвалення сваіх аднадумцаў. Варта было б чакаць, што апазіцыя будзе падымаць перад замежнымі ўрадамі як прыярытэтнае пытанне аб неабходнасці ціску на рэжым Лукашэнкі з тым, каб вызваліць палітзняволеных. Замест гэтага зноў намячаецца «забег энтузіястаў». Можна было б выказаць спадзяванне, што адзін з іх дабярэцца да пасады прэзідэнта і рэабілітуе незаконна асуджаных. Аднак у Беларусі і за яе межамі не засталося тых, хто паверыць у імавернасць справядлівых выбараў у нашай краіне пры рэжыме Лукашэнкі. Лідары беларускай апазіцыі павінны навучыцца элементарным правілам салідарнасці.
І не толькі навучыцца ім. Важна быць паслядоўнымі і кіравацца гэтымі правіламі. Акрамя маральна-этычнага боку тут прысутнічае і прагматычны разлік: кансалідаваныя сілы прымушаюць уладу да саступак і салідарна абараняюць базавую ўмову палітычнай дзейнасці: барацьба за ўладу праз законныя метады не павінна карацца. Усе высілкі апазіцыі мусяць быць скіраваныя на тое, каб вызваліць палітзняволеных, якія яшчэ застаюцца за кратамі, і ўзнавіць правы тых, хто гэтых правоў пазбаўлены.
Павінна быць зроблена ўсё, каб дазволіць ім на роўных браць удзел у палітычным працэсе. Калі ж гэтага дамагчыся немагчыма, то ад удзелу ў выбарах неабходна адмаўляцца.
Грамадства таксама будзе ўважліва сачыць за дзеяннямі апазіцыі датычна сваіх паплечнікаў за кратамі. Палітзэкі і рэпрэсаваныя — лідары, якіх у Беларусі так мала, гатовыя сваімі мужнасцю, воляй і асабістымі ахвярамі дамагацца ад улады выканання законаў. Ігнараванне элементарных прынцыпаў салідарнасці супярэчыць грамадскаму інтарэсу.
Гэта не заклік да байкоту выбараў. Гэта заклік да беларускіх палітычных дзеячоў паказаць салідарнасць са сваімі аднадумцамі, дамагчыся іх вызвалення і ў роўных умовах весці супольную палітычную барацьбу. Неабходна паказаць перад уладай цвёрдасць у адстойванні элементарных правілаў палітычнай барацьбы. Гэта адначасова нагода, магчымасць і крайняя патрэба дамагчыся ад улады мінімальна прымальных паводзінаў.
Адным з найбольш старажытных і паважаных нацыянальных сімвалаў Беларусі з'яўляецца герб «Пагоня». Ад пачатку ўжывання ў якасці герба Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня» адлюстроўвала сэнс вайсковай справы беларускай дзяржавы: дагнаць захопнiка i вызвалiць захопленых iм палонных. Практычна ўся беларуская апазіцыя прызнае «Пагоню» за нацыянальны герб, а значыць па вызначэнні павінна кіравацца яго ўнутраным зместам — абарона супольных інтарэсаў і салідарнасці.
У жорсткіх умовах дыктатуры беларуская апазіцыя мусіць зрабіць гэтае правіла для сябе абавязковым. Калі ж апазіцыйныя кандыдаты возмуць удзел у выбарах 2015 года, пакуль іх аднадумцы будуць назіраць за імі з-за кратаў, то цалкам абгрунтавана будзе гаварыць аб эгаістычным і хцівым характары дзейнасці апазіцыі.І тады не варта разлічваць на салідарнасць тых, хто застанецца на волі, калі новыя кандыдаты апынуцца за кратамі праз недабачлівую прагу да грантаў. Бо варта памятаць, што тыя, хто сёння ў няволі, законаў не парушалі. Іх, як і ў часы, калі «Пагоня» была названая гербам ВКЛ, захапілі ў палон. Іх трэба неадкладна вызваляць, каб абараніць правы асобы і інтарэсы супольнасці. 
Валер Кавалеўскі, Цэнтр ініцыятыў для Беларусі, Вашынгтон, ЗША

Крыніца: Наша Ніва

Комментариев нет:

Отправить комментарий