суббота, 12 июля 2014 г.

Мілінкевіч ці Лагвінец?

Рух "За Свабоду" плануе вызначыцца са сваім прэтэндэнтам на пасаду адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл у ліпені. Аб гэтым БелаПАН паведаміў лідар арганізацыі Аляксандр Мілінкевіч. Раней палітык не выключаў свайго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах.

"І цяпер паўтару, хутчэй як заклінанне: калі б на кангрэсе сказалі, што Мілінкевіч павінен, абавязаны, што за яго ўсе галасуюць, я б пайшоў на выбары, нягледзячы ні на якія рэчы", — сказаў ён.
Аднак, падкрэсліў Мілінкевіч, наўрад ці гэта магчыма. "Больш за тое, я прыхільнік таго, каб на кангрэсе дэмакратычных сіл, на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года адбылася змена пакаленняў. Гэта вельмі важна ў любой краіне, у тым ліку і нашай. Патрэбнае амаладжэнне апазіцыі, патрэбны новыя асобы. Гэта надасць значна больш энергетыкі кампаніі", — сказаў ён.
Паводле слоў Мілінкевіча, "вельмі важна паставіць мэту, якая б аб'яднала дэмакратычную супольнасць". "На выбарах, якія ёсць, галоўная мэта, вядома, — перамагчы. Нягледзячы ні на што, ставіць задачу выйграць трэба і на выбарах, якіх, як у Беларусі, няма. Але трэба мець і іншыя мэты, больш простыя, якія можна ажыццявіць нават пры процідзеянні ўлады, нават пры рэпрэсіях, пры абмежаваннях і запужваннях", — лічыць ён.
Адной з такіх мэтаў для сябе Мілінкевіч ставіць павелічэнне праеўрапейскага настрою ў краіне. "Трэба пераканаць людзей, што наша дарога — вяртанне ў еўрапейскую сям'ю, захоўваючы сваю беларускую ідэнтычнасць. Калі такую мэту паставіць, то няма чаго спіхваць, што Лукашэнка не даў нам папрацаваць з людзьмі, не даў дапамагчы людзям усвядоміць плюсы і мінусы еўрапейскай інтэграцыі, у чым розніца паміж Еўразіяй і Еўропай", — сказаў ён.
На думку палітыка, зыходзячы з падобных задач на кангрэсе дэмакратычных сіл і трэба абіраць адзінага кандыдата ў прэзідэнты, які быў бы больш эфектыўны пры іх выкананні. "Калі ж мы рыхтуем радыкальную Плошчу, лічым, што прывядзем на яе сто тысяч чалавек, пойдзем і акружым нейкую ўстанову, тады павінен быць адзін тып кандыдата, напэўна, радыкальны. Калі гаворым толькі аб мірных спосабах, адпаведнымі павінны быць стратэгія і кандыдат. Не ведаю, ці зможа кангрэс узняцца на такую ступень кансалідацыі, каб думаць аб гэтым. Але я збіраюся адстойваць гэтыя рэчы", — сказаў ён.
"Змена пакалення не азначае, што прыходзяць іншыя, а я іду рыбу лавіць, — адзначыў пры гэтым Мілінкевіч. — У мяне ёсць патэнцыял, я магу шмат зрабіць, але не абавязкова заўсёды прэтэндаваць на тое, каб яшчэ раз атрымаць корачкі і стаць адзіным кандыдатам".
Не выключана, што прэтэндэнтам на пасаду адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад руху "За Свабоду" стане намеснік старшыні арганізацыі Алесь Лагвінец. "Чуткі такія ідуць, размовы такія вядуцца. Але пакуль адпаведнага рашэння ў руху "За Свабоду" няма. Алесь Лагвінец цвёрдага і канчатковага рашэння не прыняў. Гэта праўда, гэта не проста тайна, якую мы хочам утаіць", — сказаў Мілінкевіч.

Крыніца: Рух "За Свабоду"

Комментариев нет:

Отправить комментарий