пятница, 15 августа 2014 г.

Намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім гатовая ісці на прэзідэнцкія выбары

Апазіцыйныя палітычныя сілы працягваюць пошук магчымых кандыдатаў на прэзідэнцкія выбары 2015 года. Сярод патэнцыйных прэтэндэнтаў з’явілася прозвішча 51-гадовага філолага Алены Анісім. Яе кандыдатуру гатовая падтрымаць Рада беларускай інтэлігенцыі.

«Самай галоўнай задачай з’яўляецца кансалідацыя ўсіх патрыятычных сілаў, — кажа спадарыня Алена. — Удзел у прэзідэнцкіх выбарах, хутчэй, пытанне другаснае. Першаснае — пытанне незалежнасці. Што тычыцца вылучэння, то гэта пытанне не столькі да мяне, колькі да грамадства. Калі нацыянальныя сілы вырашаць вылучыць мяне як кандыдата ў прэзідэнты, то я гатовая».
Ці не страшна сыходзіць з грамадскай дзейнасці ў палітыку? «Мы ўсе ў палітыцы ад таго моманту, як нам спаўняецца 18 гадоў і мы можам удзельнічаць у выбарах. Я ў грамадскай дзейнасці досыць даўно, часам не я сама, а людзі падштурхоўваюць мяне ўзяць адказнасць за большы кавалак працы. У палітыку ісці мне не страшна, бо я ўжо досыць пажыла, тое-сёе маю за плячыма, як у асабістым, гэтак і ў прафесійным, ты разумееш, ці табе спыніцца на пэўным узросце, ці расці далей».
Спадарыня Анісім кажа, што цяпер вядзецца праца па падрыхтоўцы да склікання Кангрэсу за незалежнасць Беларусі, які мусіць адбыцца да канца года. Разам з тым яна падкрэслівае, што ТБМ — гэта не палітычная арганізацыя і ніякім чынам у прэзідэнцкай кампаніі арганізацыя ўдзельнічаць не будзе.
Алена Анісім нарадзілася 28 верасня 1962 года ў вёсцы Савані на Стаўпеччыне Мінскай вобласці. Скончыла філфак БДУ. Яшчэ ў глухі савецкі час яна была актыўнай удзельніцай падпольнай незалежніцкай суполкі «Майстроўня». З 1991 года працуе ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук (з 2008 года называецца Інстытут мовы і літаратуры). Намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, адна з вядоўцаў штотыднёвай праграмы «Беларуская мова» на тэлеканале АНТ.

Крыніца: "Наша Ніва"

Комментариев нет:

Отправить комментарий